СПАРТЫ́ЎНЫЯ ЗВА́ННІ,

званні, якія сведчаць аб афіцыйным прызнанні спарт. заслуг у пэўнай спарт. кваліфікацыі. Даюцца часова або пажыццёва за дасягненні на міжнар., нац. і інш. афіц. спаборніцтвах, выкананне нарматываў і патрабаванняў, устаноўленых спартыўнай класіфікацыяй, за плённую пед., трэнерскую, судзейскую і інш. дзейнасць.

Існуюць міжнар. С.з. (зацвярджаюцца міжнар. спарт. федэрацыямі); суддзя міжнар. катэгорыі (па відах спорту); міжнар. гросмайстар і майстар (па шахматах і шашках, з 1949). У СССР існавалі ганаровыя С.з.: засл. майстар спорту (з 1934), засл. трэнер СССР (з 1956), ганаровы суддзя па спорце (з 1972); С.з.: майстар спорту СССР (з 1935), майстар спорту СССР міжнар. класа (з 1965), гросмайстар СССР (па шахматах з 1935, па шашках з 1961), суддзя ўсесаюзнай катэгорыі (з 1934). У 1950—60-я г. існавалі ганаровыя С.з. ў саюзных рэспубліках: майстра спорту па нац. відах спорту і засл. трэнера рэспублікі; да іх прымыкалі спарт. разрады: кандыдат у майстры, спартсмен 1—3-га разрадаў, а таксама юнацкія разрады. Да С.з. адносяць таксама званні чэмпіёна і рэкардсмена.

На Беларусі ўстаноўлены ганаровыя С.з.: засл. трэнер БССР (з 1959), засл. дзеяч фіз. культуры БССР (з 1967), з 1995 — заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь і заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь.

т. 15, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)